14 красавіка ў філіяле “Роская гарадская пасялковая бібліятэка” прайшла сустрэча вучняў 8-А класа сярэдняй школы №2 з мясцовым паэтам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаем Пятровічам Іваноўскім пад назвай “Шчырае слова паэта”. На ёй гучалі вершы напоўненыя каханнем, патрыятычнымі пачуццямі, любоўю да роднай мовы, да сваёй малой радзімы, да цудоўнай беларускай прыроды.
Мікалай Пятровіч расказаў пра сваю сям’ю, прачытаў вершы, прысвечаныя матулі, роднай хаце, пазнаёміў са зборнікамі сваіх вершаў “Кроплі расы”, “Пяром і сэрцам” і “Сцяжынка дзяцінства”, кнігай для дзяцей “Загадкі на ўсе выпадкі”.
Вялікую зацікаўленасць атрымала першая кніга паэта пад назвай “Нашчадкі роду Іваноўскіх”, створаная Мікалаем Пятровічам у гонар знакамітага брата-мастака Дзмітрыя Пятровіча Іваноўскага. У кнізе прадстаўлены збор рэпрадукцый палотнаў мастака, значная частка адведзена вершам Мікалая Пятровіча.
Сустрэча атрымалася вельмі цікавай і пакінула прыемныя ўражанні.